Алег Хаменка: Беларусь цікава Еўропе сваёй беларускасцю
Вядучым на пятым этна-фестывале "Вольнае паветра", які традыцыйна пройдзе 25 жніўня на хутары Шаблі, стане лідэр фолк-гурта “Палац” Алег Хаменка.
Аб тым, чаму Беларусі патрэбна больш “вольных паветраў”, чым айчынныя выканаўцы могуць зацікавіць Еўропу і чым стала за гэтыя годы “Вольнае паветра”, ён расказаў TUT.
— Як вядома, у гэтым годзе "Вольнае паветра" пройдзе ў пяты раз. На ваш погляд, наколькі этнічная музыка, гэты ці іншыя фестывалі этнічнай музыкі ўпісваюцца ў сённяшнюю беларускую рэчаіснасць?
— Я адкажу так, што сёння фестываль “Вольнае паветра” не толькі для беларускай рэчаіснасці, ён упісваецца ў еўрапейскі кантэкст развіцця.
Этнічных, фолк-этнічных фестываляў у Еўропе — безліч. І павялічваецца не толькі іх колькасць і якасць, але і зацікаўленнасць слухачоў менавіта такой музыкай. Таму што гэта музыка і для адпачынку, для вольнага паветра, для open-air, і пры гэтым яна стварае прастору для ўспрыняцця адукацыйнай, пазнавальнай інфармацыі. І таму такіх фестываляў, як “Вольнае паветра”, павінна быць у Беларусі значна больш. Я вельмі ўдзячны арганізатарам “Вольнага паветра” і таму актыўна далучаюся да іх працы і сам спрабую працаваць на гэтую мэту (15 верасня пройдзе яшчэ адзін фолк-фестываль “Камяніца”), каб такіх фестываляў было больш і каб яны былі больш якаснымі. І “Вольнае паветра” — гэта прыклад, калі хочаце, узор таго, як могуць выглядаць і як трэба рабіць этна-фолк-фестывалі.
— Першапачаткова “Вольнае паветра” задумваўся як этна-фестываль беларускай музыкі, але хутка фэст разросся да міжнароднага ўзроўню. У гэтым годзе ў Шаблі прыедуць нават немцы. Як вы ставіцеся да такого трэнду?
— Гэта традыцыйны шлях любога фестывалю. Гэтак было ў Польшчы, гэтак было ў Германіі, гэтак было ў Францыі, гэтак адбываецца і ў нас. Гэты шлях цікавы менавіта тым, што праз мастацтва свайго народа ты пачынаеш разумець мастацтва народаў іншых.
— Вы былі шмат дзе на падобных фестывалях. Які параўнальна з імі ўзровень сённяшняга “Вольнага паветра”?
— Я багата бачыў фестываляў, і калі гаварыць пра “Вольнае паветра”, то ён на гэты час перарос муніцыпальны ўзровень. Канешне, перадусім, вельмі важныя такія фестывалі на муніцыпальным узроўні, як, напрыклад, выдатны фэст "Берагіня". Але відавочна, што цяпер “Вольнае паветра” робіць тое, што павінна рабіць дзяржава.
Гэта вызначае, што ён ўжо агульнабеларускі, а па функцыях, нават, нацыянальны фестываль. І гэта вось меня вельмі цешыць.
— Для вас асабіста фестываль “Вольна паветра” — гэта што?
— Калі мы даўно гаварылі с Валодзем (У. Шаблінскі, адзін з арганізатараў “Вольнага паветра”) аб тым, што такія фестывалі патрэбны, то канешне там было багата мэтаў, якія мы абмяркоўвалі. Па-першае, гэта прыцягнуць увагу да выканаўцаў, якія выкарыстоўваюць нацыянальныя элементы ў сваёй творчасці. Гэта вельмі важна, таму што поп- і рок-музыка па-сутнасці наднацыянальная, транснацыянальная, яна накіравана, перадусім, на звышвялікую аудыторыю. Нашы поп- і рок-музыканты гэтым не могуць карыстацца, таму што яны знаходзяцца не ў сістэме наднацыянальнай музычнай індустрыі. І з гэтай прычыны нашым музыкам абавязкова да папулярнай і да рок-музыкі трэба ісці праз нашу фальклорную музыку.
Вось гэта і была такая стрыжневая мэта фестывалю. І мы планавалі, што тут канешне ж будзе і фолк-мадэрн, і неафолк, і фолк-рок, і фолк-джаз, і этна-транс, і этна-панк, і тыя ўсе рэчы, чым багат свет. Але пры гэтым усё роўна трэба яшчэ і яшчэ раз гаварыць пра нацыянальную этнабазу. Беларусь цікава свету не сваімі таленавітымі спевакамі ці рок-музыкантамі (у іх выдатных выканаўцаў і без нас дастаткова), а, перадусім, яна цікава тым, чаго няма ў Еўропе: ў Еўропе няма беларускасці.
Пры гэтым мы хацелі, каб гэта была і культурніцкая падзея. Каб гэта была прастора, дзе маглі сустрэцца творчыя людзі — мастакі, пісьменнікі, паэты, увогуле, сацыяльна актыўныя людзі. Важная была і мэта паказаць, што фестываль можа існаваць практычна самаакупальна, што зусім не трэба глабальных бюджэтаў, цягнуць грошы з дзяржавы, ці цягнуць спонсараў "па-размеркаванню", што гэта з’ява ўжо сёння, у сённяшніх эканамічных варунках жыццяздольная, а ў перспектыве можа стаць камерцыйна выгоднай.
І цяпер можна казаць, что “Вольнае паветра” — гэта не толькі прыклад, але, ў нейкім сэнсе, — узор для пераймання.